КАРДО́ЎСКІ ЭМІРА́Т,
мусульманская дзяржава на Пірэнейскім п-ве ў 756—929. Сталіца — г. Кордава. Заснавальнік — Абдарахман I, адзіны ўцалелы прадстаўнік скінутай Абасідамі дынастыі араб. халіфаў Амеядаў, уцёк на Пірэнейскі п-аў, б. ч. якога была падпарадкавана ў ходзе арабскіх заваяванняў, і абвясціў сябе эмірам. К. э. вёў войны з хрысц. дзяржавамі на Пн паўвострава (Астурыйскае і Наварскае каралеўствы і інш.). Прыгнёт з боку мясц. і араба-берберскай знаці выклікаў частыя паўстанні карэнных сялян і гараджан, якія жорстка падаўляліся. Да пач. 10 ст. цэнтр. ўлада ў К. э. аслабела, яе ўзмацненне адбылося пры Абдарахмане III, які ў 929 абвясціў сябе халіфам і заснаваў Кардоўскі халіфат.
т. 8, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)